ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,
адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)